By using our website you accept our conditions of use of cookies to track data and create content (including advertising) based on your interest. Find out more about what data we collect and use at
here.
Менавіта так называецца персанальная выстава сталічнага мастака Фёдара Ладуцькі, якая днямі ўрачыста адкрылася ў музеі-сядзібе «Пружанскі палацык». Гэтая падзея, прымеркаваная да 75-гадовага юбілею вялікага майстра пэндзля, стала сапраўдным святам для аматараў прыгажосці.
Адкрыла імпрэзу шыкоўнае выступленне ўзорнага хору «Вітанак» Дзіцячай школы мастацтваў імя Р.Шырмы (мастацкі кіраўнік — Ірына Буланькова). Пасля традыцыйнага прывітання дырэктара музея шмат цёплых слоў пра творчасць і асобу юбіляра сказаў прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, сябар Саюза мастакоў Беларусі Яўген Шунейка. Падтрымаў мастака і сябар мастацкай суполкі «Абуджэнне» Андрэй Лычкоўскі (г. Узда).
Як высветлілася, на сваім творчым шляху Фёдар Ладуцька праявіў талент мастака–дызайнера ў шматлікіх рэспубліканскіх праектах: ён афармляў экспазіцыі музея народнай творчасці ў Раўбічах, літаратурнага музея Максіма Танка ў Мінску, літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа ў в. Мікалаеўшчына (Стаўбцоўскі раён Мінскай вобласці) і іншых музейных устаноў. Таксама мастак удзельнічаў у распрацоўцы канцэпцыі афармлення ўсім вядомага ў сталіцы праспекта Машэрава. Увогуле многія аб’екты нашай сталіцы сталі асабліва прыгожымі, дзякуючы ідэям Фёдара Сяргеевіча.
На выставу ў пружанскі музей мастак прывёз амаль два дзясяткі жывапісных і графічных твораў у пейзажным жанры, створаных у розных тэхніках і разлічаных на самых розных гледачоў. У яго работах — узоры чыстай і праўдзівай творчасці сталага мастака-наватара, які знайшоў свой аўтарскі стыль і адпаведныя сродкі выяўленчай выразнасці. Своеасаблівая манера пабудовы кампазіцыі, рытмічнасць плям і ліній надаюць непаўторнасць і дынамічнасць палотнам і робяць яго творчасць прывабнай для гледача. Кожны твор мастака гаворыць пра яго асобу: Фёдар Сяргеевіч — сціплы і шчыры творца, чалавек з яркім душэўным святлом і цікавым стаўленнем да жыцця. На першы погляд здаецца, што нічога асаблівага ў яго пастэльных творах і няма, тут усё проста: рачулкі, лес, мора, узгоркі, дрэвы, нібыта жывыя сонечныя блікі на воднай прасторы; здаецца, падыдзеш бліжэй да карцін — і адчуеш асаблівы пах свежасці. Аднак кожны сціплы матыў пагружае ў глыбокія думкі.
Некаторыя мастацтвазнаўцы параўноўваюць творы Фёдара Ладуцькі з пейзажнай спадчынай нарвежскага мастака Эдварда Мунка, які ў вельмі аскетычнай форме перадаў вялікую духоўную повязь чалавека з суровай паўночнай краінай. Нешта падобнае адчувае глядач і ад пейзажных твораў беларускага майстра — нястомнага вандроўніка, які заўважае прыгожыя дзівосныя краявіды зямлі і праз свае карціны шчыра дзеліцца імі. Яго пазітыўны, светлы жывапіс перадае ўсю духоўна-аздараўляльную гармонію сусвету, штосьці шматзначна-сімвалічнае, чым бязмежна напоўнена прырода…
Хочацца далучыцца да ўсіх прыемных віншаванняў і пажадаць Фёдару Сяргеевічу Ладуцьку доўгага жыцця «ў сусветным» жывапісе і творчага натхнення. Сапраўднага свята Вам, майстар, з вясновым адчуваннем жыцця і аптымізмам.
Валянціна Нідзелька, навуковы супрацоўнік музея-сядзібы “Пружанскі палацык”. Фота Сяргея Талашкевіча. Раённыя будні 28.04.2018 http://www.budni.by/?p=28962
Comments